Корпус зборкі трактароў - «сэрца МТЗ». За гэтай ходкай фразай хаваецца глыбінны сэнс вытворчых працэсаў, якія адбываюцца на прадпрыемстве. Усе цэхі - «арганізм» - працуюць на тое, каб «сэрца» - КЗТ - білася. Роўна як КЗТ працуе для таго, каб завод жыў.
У корпусе зборкі трактароў працуюць два канвееры: на адным збіраюцца мадэлі магутнасцю звыш 100 к. с., на другім - да 100 к. с. Зборка тэхнікі адбываецца вузлавым метадам.
Акрамя корпуса зборкі трактароў, падлогавы канвеер размешчаны на пляцоўках механазборачнай вытворчасці, пяць цэхаў якой вырабляюць дэталі і вузлы для энерганасычаных трактароў BELARUS магутнасцю больш за 350 к. с.
А пачынаецца вытворчасць трактара з нарыхтоўчых цэхаў: прэсавага, тэрмічнага, кавальскага, ліцейных №1, 2 і 3, сталеліцейнага і цэха дакладнага сталёвага ліцця, а таксама цэха кабін.
Дарэчы, ліцейная вытворчасць Мінскага трактарнага завода - самая буйная ў Рэспубліцы Беларусь.
Механічныя цэхі выконваюць апрацоўку дэталей. На МТЗ працуюць механічныя цэхі нумар 1, 2, 4, 5 і 7, а таксама механазборачны цэх нумар 3 і цэх малых серый. У МЦ-1 вырабляюць каробкі перадач, у МЦ-4 муфты счаплення, у МЗЦ-3 пярэдні мост. Дэталі адпраўляюць у МЦ-2, дзе збіраюць трансмісіі.
На сённяшні дзень самым тэхнічна аснашчаным з'яўляецца МЦ-5, але гэта не значыць, што астатнія застылі ў развіцці: паэтапная мадэрнізацыя датычыцца ўсіх тэхналагічных пераходаў.
На выхадзе з канвеера малыя і сярэднія трактары абкатваюць на ўчастках № 4 і 7 корпуса зборкі трактароў. Энерганасычаныя машыны праходзяць праверку ў Цэнтры выпрабаванняў трактарнай тэхнікі «МТЗ-Холдынг» у пасёлку Абчак.
Комплекс палігонаў ЦВТТ складаецца з:
• чатырох кругавых трываласных палігонаў з памяшканнем для дыстанцыйнага кіравання падыспытнымі трактарамі;
• дарогі з рознымі разваротнымі кругамі радыусам 11 і 20 м;
• палігона з дынамаметрычнымі палямі;
• пляцоўкі для вызначэння асветленасці, агляду і радыусу павароту;
• горкі з рознымі ўхіламі;
• корпуса са стэндамі для вызначэння ахоўных уласцівасцей кабін.
У падрыхтоўцы і правядзенні выпрабаванняў прымаюць удзел больш за 200 інжынераў-канструктараў, інжынерна-тэхнічных работнікаў і рабочых.
Пасля таго як тэхніка выпрабавана на адпаведнасць усім заяўленым характарыстыкам, яна паступае ў цэх аддзелкі і афарбоўкі трактароў. Тут трактарам надаецца «таварны выгляд»: мантуецца абліцоўка, крылы, закрылкі, усталёўваюцца таблічкі і г.д.
Перад адпраўкай трактароў на збыт праходзіць прыёмка аддзела тэхнічнага кантролю.
На завяршальным этапе, перад адпраўкай заказчыку, прадукцыя паступае ў цэх кансервацыі і ўпакоўкі - склад гатовай прадукцыі. А далей тэхніка BELARUS пачынае свой шлях да месца прызначэння: ці сваім ходам, ці па чыгунцы, ці па аўтамагістралях.
Але ніводная вытворчасць немагчыма без службаў, якія «прыводзяць» трактар на канвеер.
Аддзел дызайну - кропка адліку этапаў стварэння новай тэхнікі і мадэрнізацыі ўжо дзеючых мадэляў. Тут ствараюцца вобразы будучай тэхнікі і фарміруецца фірменны стыль прадпрыемства.
Ідэя сама па сабе хоць і вялікая каштоўнасць, але без увасаблення ў жыццё сэнсу не мае. Пастаноўцы тэхнікі на канвеер папярэднічае работа спецыялістаў навукова-тэхнічнага цэнтра МТЗ.
У НТЦ уваходзяць два ўпраўленні канструктарска-эксперыментальных работ - № 1 і № 2. Першае праектуе колавыя трактары, другое - спецыяльныя машыны.
Але мала спраектаваць - трэба вырабіць вопытныя ўзоры і невялікія партыі новых вырабаў, каб на практыцы паглядзець на тэхніку, якую плануецца запусціць у серыйную вытворчасць. Для УКЭР-1 гэтым
займаецца цэх доследнай вытворчасці № 1, для УКЭР-2 - доследны цэх № 2.
Арганізацыяй вытворчага працэсу займаюцца спецыялісты ўпраўлення галоўнага тэхнолага. Менавіта тэхнолагі адказваюць на тры пытанні: што вырабляем? з чаго вырабляем? што трэба, каб гэта зрабіць? Дыктат тэхналогій - гэта пра Мінскі трактарны завод.